За крок ад “рэспублікі”

Каманда Дзятлаўскага раёна “Алмаз” заваявала сярэбраныя медалі абласных спаборніцтваў “Залатая шайба” сярод юнакоў 2009 года нараджэння і малодшых у дывізіёне “Б” у малодшай узроставай групе.

У першы дзень дзятлаўскія юныя хакеісты згулялі 2 гульні і перамаглі каманды Карэліцкага раёна (7 : 0) і Ваўкавыскага (5 : 0), забяспечыўшы выхад у фінальны тур і барацьбу за 1 месца.

У фінале дзятлаўчане саступілі камандзе Смаргонскага раёна – 1 : 6, пры гэтым паказаўшы дастойную гульню і камандны дух. Крыху не хапіла да выхаду на рэспубліканскі ўзровень, аднак “серабро” абласнога чэмпіянату – на рахунку юных “алмазаўцаў”. Адны з іх папоўняць старэйшы састаў “Алмаза” і прадставяць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах, другія – будуць перажываць за зборную раёна ў якасці балельшчыкаў.

Варта адзначыць, што сёлета з малодшым саставам “Алмаза” гуляла юная дзятлаўчанка Васіліса Панасевіч, 2014 года наражэння. Уся іх сям’я захапляецца хакеем, некалі ў “Залатой шайбе” за нашу каманду гуляў старэйшы брат дзяўчынкі Іван, паказваў добрыя вынікі. Разам з татам яны прывялі Васілісу на першую трэніроўку проста “пакатацца”, з чаго і пачалася яе вялікая любоў да хакея. Сёлетні абласны чэмпіянат – дэбют для юнай хакеісткі і многіх яе равеснікаў. Усё выдатнае – яшчэ наперадзе.

– Не ўпершыню ў саставе “Алмаза” дзяўчаты, – расказаў трэнер каманды Аляксей Петрыкевіч. – Папярэдніцай Васілісы на пачатку 2010-х была Карына Альховік, якая затым звязала сваё жыццё з прафесійным футболам. Сёння яна член нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь, гулец вышэйшай лігі італьянскага футбольнага клуба “Сасуола”. Мы ганарымся сваёй зямлячкай і спадзяёмся, што жаночы хакей і футбол на Дзятлаўшчыне атрымае сваё развіццё.

За крок ад “рэспублікі”

Дятловский районный физкультурно-спортивный клуб

Контактная информация

X
×